Ідэальны спектакль?



Дата05.07.2016
өлшемі24.9 Kb.
#179115
Ідэальны... спектакль?

Таццяна Команава
Сталічныя прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўжо прызвычаіліся да таго, што прыкладна раз на сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прапануе ім новы спектакль у пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Аркадзя Каца. Штораз асноўнай «інтрыгай» становіцца пытанне: якую ж чарговую «нямодную» п’есу возьме пастаноўшчык Кац і што з гэтага атрымаецца? Сёлета ў тэатральнай афішы горкаўцаў з’явіўся «Ідэальны муж» Аскара Уайльда.
Між іншым, адчуванне актуальнасці гэтай «нямоднасці» не пакідала на працягу ўсяго спектакля. Відаць, камусьці падасца нязначным, але ж мне асабіста надзвычайную асалоду прыносіла магчымасць пачуць абсалютна ўсё, што акцёры намагаліся сказаць са сцэны. І гэта сталася сведчаннем не толькі павагі да гледачоў у зале, але і да саміх традыцый тэатральнай культуры. Зрэшты, для Каца падобнае паважлівае стаўленне і да гледачоў, і да таго драматургічнага матэрыялу, які ён выбірае для чарговага сцэнічнага ўвасаблення, - норма. Пераказваць сюжэт спектакля наўрад ці варта: для тых, хто з п’есай Уайльда не знаёмы, застаецца дадатковая інтрыга, тым жа, хто ведае гэты твор, будзе цікава адчуць, да якой ступені іскрысты гумар англійскага драматурга ХІХ стагоддзя не страціў свайго бляску і вастрыні. Як аказалася, «гендэрная» праблема, надзвычай актуальная на пачатку ХХІ стагоддзя, утрымлівае ў сабе мноства нюансаў і адценняў, за якімі можна пільна сачыць і без сцэнічных «выкрунтасаў». Балазе, гэтаму не перашкаджала нічога, нават даволі статычная і не функцыянальная сцэнаграфія Таццяны Швец са звісаючымі з-пад каласнікоў скульптурамі (як мне падалося, мужчынскага полу). Яны, гэтыя «ўзнёслыя» мужчыны, на працягу спектакля так і не спусціліся з нябёсаў.

Але ж жанчыны, тыя, што хадзілі па зямлі, ім не саступілі. Кожная з жаночых роляў - сапраўдны «рэванш» у бітве полаў, які дазваляе атрымаць асалоду ад майстэрства, з якім яны «паводзяць» сябе ў грамадстве: стрыманасць унутранай уладнасці Місіс Чыўлі (Аксана Лясная) і яе магчымасць нароўні з мужчынамі «варочаць» дзяржаўнымі справамі адцяняюць безапеляцыйную «правільнасць» Лэдзі Чылтэрн (Ганна Маланкіна) і непрымірымасць у адносінах да любых чалавечых слабасцей і недахопаў. А няўрымслівая, прагная да багатага эмацыянальнага жыцця маладосць Міс Мэйбл (Вераніка Пляшкевіч) яшчэ больш падкрэсліваецца, дзякуючы сцэнам з удзелам сапраўднай свецкай «ільвіцы» Лэдзі Маркбі (Бэла Масумян).

Годны «адпор» гэткай жаночай камандзе з мужчын здольны даць хіба што адзін Граф Кавершэм (Аляксандр Ткачонак), кожнае з’яўленне якога на сцэне - бліскучы ўзор акцёрскай ігры, вытанчанай, нюансіраванай і, адначасова, паглынаючай, бы магутны лівень, «паралізуючай» волю ўсіх, хто трапляе ў поле ягонага зроку. Зрэшты, іншыя мужчыны таксама не губляюць сваёй годнасці, і нават тое, што галоўны герой Сэр Роберт Чылтэрн (Аляксей Шадзько) часам пачувае сябе ў смокінгу не вельмі зручна, не ведаючы, куды пакласці рукі і як «эфектна» сесці, выклікае адчуванне ягонай кранальнасці ў такіх мілых праявах мужчынскай «падкаблучнасці». А вось лорд Горынг (Сяргей Чэкерэс), у адрозненне ад першага, надта ж арганічна і - свядома намагаецца выглядаць дурнейшым, чым ёсць на самой справе, аддаючы магчымасць «глабальна» думаць і разважаць жанчынам, а за сабой пакідаць права на ўчынкі, прадыктаваныя ўласным розумам.

У выніку ж перамагла дружба, дакладней, усведамленне таго, што мужчыны павінны заставацца мужчынамі, жанчыны - жанчынамі, і кожны, незалежна ад «гендэрных прыкмет», мае права на невялічкія слабасці, на разуменне і дараванне блізкіх.



Пасля спектакля адна з глядачак, выходзячы з залы, вынесла новай пастаноўцы тэатра наступны «вердыкт»: «Такое адчуванне, нібыта я сама ва ўраўнаважанай, спакойнай атмасферы чытала п’есу, і мне ніхто не перашкаджаў атрымліваць ад гэтага чытання асалоду...»

«Культура», № 20 (838) от 17 мая 2008 г.

Достарыңызбен бөлісу:




©www.dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет