Н ці НН?
Вядома, што ў беларускай мове праблема правапісу н і нн перадусім звязаная з такімі з’явамі, як падаўжэнне (фанетычная) і падваенне (марфалагічная), а таксама з паходжаннем слова: уласнабеларускім або іншамоўным. Аднак памылкі ў напісанні колькасці н часта залежаць нават не ад вышэй пералічаных рэчаў, а ад уплыву рускай мовы, у якой правіла правапісу н і нн значна больш складанае і разгалінаванае.
Пішуцца з нн:
-
Уласнабеларускія словы з падаўжэннем (адбываецца паміж галоснымі гукамі): насенне, убранне, растанне, трымценне, адценне.
-
Прыметнікі з суфіксамі –энн- (-енн-), якія маюць павелічальнае ці якасна-адноснае значэнне: страшэнны, здаравенны, высачэнны, свяшчэнны, клятвенны.
-
У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на –мя: іме́нны (ад імя), семянны (ад семя), цемянны (ад цемя). Выключэнне: палымяны (ад полымя).
-
Словы, у якіх утваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з н: вінны (віно + -н-), маліннік (маліна + -нік), каменны (камень + -н-), бяссонны (сон + -н-). Выключэнні: ле́ны (ад лень + -н-, дзе адбылося сцягненне каранёвага і суфіксальнага н), свіны. У апошнім слове назіраецца такая цікавая з’ява, як гаплалогія, то бок, выпадзенне аднолькавых ці падобных складоў: не свініны, якое павінна даваць свіння + -ін- (параўнай, напрыклад, каза + -ін- = казіны, воўк + -ін- = ваўчыны), а свіны!
-
Прыметнікі слынны, старанны, гасцінны (ад гасціна ‘прыём гасцей, частаванне’). Не блытаць з гасціны (ад госць), гасціная – ‘пакой для гасцей’.
-
Запазычаныя прыметнікі экстранны, спантанны, якія трэба запомніць.
Пішуцца з н:
-
Словы іншамоўнага паходжання, уключна з уласнымі імёнамі і геаграфічнымі назвамі: анатацыя, анексія, ануляваць, тэніс, фін, Аніка, Ганібал, Каны. Выключэнні: панна, мадонна, донна, манна, ванна, саванна, Ганна, Сюзанна і інш.
-
Усе дзеепрыметнікі (звярніце ўвагу, што ў нашай мове ў дзеепрыметніках ніколі не пішацца нн): выкуплены, падрыхтаваны, прыменены, пачышчаны, заклеены, прыбраны.
-
Словы, што не маюць на стыку ўтваральнай марфемы і суфікса збегу двух н: улюбёны (любіць + -ён-), пудраніца (пудра + -аніц-), шкляны (шкло + -ян-), званіца (звон + -іц-).
Ажыннік (ад назоўніка ажына + -нік-),
але тарфянік (ад прыметніка тарфяны + -ік)
|
Штохвілінны кантроль (які? прыметнік)
Кантроль штохвіліны (як? прыслоўе)
|
Гасцінны (чалавек),
але гасціны (пакой)
|
Заданне.
Устаўце н або нн:
Аўся…ы – аўсяны (авёс + -н-)
Будзё…ы – будзённы (будзень + -н-)
Ва…ы – ванны (ванна + -н-)
Абра…іца – абранніца (абраннік + -ніц-)
Антэ…а – антэна (іншамоўнае слова)
Палымя…ы – палымяны (выключэнне)
Ляшчы…ік – ляшчыннік (ляшчына + -нік-)
Упэўне…ы – упэўнены (дзеепрыметнік)
Тарфя…ік – тарфянік (тарфяны + -ік-)
І…а – Іна (імя іншамоўнага паходжання)
Брытве…ы – брытвенны (прыметнік ад брытва + -енн-)
Гасці…ая гаспадыня – гасцінная (‘якая любіць прымаць гасцей’)
Сабалі…ы – сабаліны (собаль + -ін-)
Сыраві…ы – сыравінны (сыравіна + -н-)
Лаза…а – Лазана (геаграфічная назва іншамоўнага паходжання)
Разгубле…асць – разгубленасць (дзеепрыметнік разгублены + -асць)
Кало…а – калона (іншамоўнае слова)
Пайме…ы – пайменны (ад імя)
То…а – тона (слова іншамоўнага паходжання)
Двухто..ы – двухтонны (тона + -н-)
Худзе…ы – худзенны (павелічальны суфікс –енн-)
Заклее…ы – заклеены (дзеепрыметнік)
Прыгожая гасці…ая – гасціная (‘пакой для гасцей’)
Вогне…ы – вогненны (прыметнік з суфіксам –енн-)
Ветра…ы – ветраны (суфікс –ан-)
Алавя…ы – алавяны (волава + суфікс –ян-)
Экстра…ы – экстранны (запазычаны прыметнік, напісанне трэба запомніць)
Выгна…ік – выгнаннік (выгнаны + суфікс –нік-)
Абедзе…ы – абедзенны (прыметнік + суфікс –енн-)
Імгне…е – імгненне (падаўжэнне)
Вокамгне…а – вокамгненна (імгненне + -н-)
Таўшчэ…ы – таўшчэнны (павелічальны суфікс –энн-)
Но…а – Нона (імя іншамоўнага паходжання)
Достарыңызбен бөлісу: |